Лекаваць пчол трэ хадзіці ў кажусі... Кожны год бортнік вясной ідзе да пчол глядзець і пытацца: " як справы?"
У гэтым годзе хоць і вясна ўжо за палову перакацілася - але яшчэ прымаразкі ноччу і зранку, дый дзень больш нагадвае сакавік, чым красавік.
Усю сваю гаспадарку трэба было ператварыць за 7 дзён - план гладзенька выглядаў, але... Але гэта ж план - а добра вядома, што планы адно, а справа другое. Таму ўсё пайшло не па плану:)
Што здарылася за зіму: ўсё, што можна было толькі прыдумаць. І для бортніцтва, якое існуе ў дзікай прыродзе і не аддзелена ад яе гэта выглядае натуральна, хаця і "некультурненька" і сумна для бортніка.
Пчол з'ела жаўна, пчол спужала і выгнала куніца, ў калодзе-вуллі зрабіла на зіму кубло сабе куніца, соня арэхавая, шэршні (і ўжо матка шэршнёвая актыўна шукала сабе месца. Кажуць бортнікі, што калі шэршні пасяліліся - то і пчолы паселіцца потым... Так і было ў 3 вуллях).
З зімы не выйшлі пчолы з аднага вулля... Памерлі... Пахаваў, як бортнікі старыя наказвалі. Ім не хапіла таго, што ў першы год нацягалі.
Але ж пойдзеш глядзець іншыя калодв-вуллі - а тамака... Працуюць, лятаюць. Радасці поўны лазьбень:))
Вось так і лекаваць і тварыць ходзіш, кожны дзень з 9.00 да 19.00 - бо трэба залезці на дрэва на свае 6-10 метраў вышыні, пачысціць, парамантаваць, затварыць, падрыхтаваць калоду-вулей.
Так напрацягу 3-5 дзён без перапынку - і як жа гэта цудоўна!
Ах, канешне, забыўся... Трэба ж сцягнуць калоду-вулей на новую вышыню і новае месца, якое прыходзіцца шукаць не адзін дзень (я шукаў летам, восенню і вясною).
Як? Як закінуць калоду, якая важыць 150-180кг на 7 метраў? Не ведаю..:)) яно само.
Канешне ж не... Трэба спачатку скласці рысунак дрэва, разлічыць нагрузку, правесці геадэзічныя, фізічныя і матэматычныя "даследванні" і потым, яшчэ разлічыць лагістычны шлях, падрыхтаваць памочнікаў (бо ўдвох заўсёды добра, а лепш ўтрох - бо тры галавы лепш заўсёды:).
Пасля ўсяго трэба разлічваць на тое, што можа справа ісці зусім не па плану.
Дык як калода трапляе ў дрэва? Ня лёгка. Спатачку трэба залезці самому, потым яшчэ навязаць прыбамбасаў для пад'ёму, навязаць вузлы на калодзе - ну ўсё пацягнулі. Мы цягнулі 2 гадзіны: 2 разы спускалі калоду, бо трохі памыліліся ў матэматычных разліках (на 15 см - нават такія памылкі бываюць).
Як сцягнулі - то трэба яшчэ зачапіць, а потым яшчэ затварыць, трохі пачараваць і ісці дахаты.
Гэта ўсё пакуль, потым яшчэ сцягнуць калоды-вуллі і можна чакаць.
Цісні і падтрымлівай праз PATREON
Слава Пчале і бортнай сасне, лезіву-жэні і вострай пяшне, дуплістаму бору, шырокаму дубу і Слепету ў дупле!
Культурная ініцыятыва
БРАТЭРСТВА БОСЫХ БОРТНІКАЎ
Ёсць што пісаць - пішыце
ask@bortnictva.by
ДАЛУЧАЙЦЕСЯ ДА ТРАДЫЦЫІ
© 2025 Культурная Ініцыятыва БРАТЭРСТВА БОСЫХ БОРТНІКАЎ. Фота - Осіпаў Іван, Мікус Альфрэд. Усе правы абаронены.