ЛЯСНОЕ БОРТНІЦТВА

Традыцыйны лясны промысел

Культурная форма пчалярства

Лясное бортніцтва - промысел з глыбокім культурным кодам і багатай спадчынай.  Яно з'яўляецца часткай прыроднай і грамадскай прасторы.

Першапачатковая форма культурнага пчалярства, якая ўключае догляд і ахову пчол у натуральных для іх умовах існавання (лясныя, балотныя і лугавыя біятопы) ў прыстасаваных борцях-дуплах і калодах-вуллях.

Традыцыйны промысел базуецца на глыбокім культурным кантэксце: веды пра навакольны свет, звычаёвае права, матэрыяльная/нематэрыяльная культура, абрады і традыцыі, народная кухня, медыцына і інш.

Манета з пчалой

ПЧАЛА

Бортны знак

Пчала - Богава істота тутэйшых лясоў, лугоў і балот. Бортнік вызначае асобна пчалу і слепета (свепета). З першай на працягу года ўзаемадзей1нічае (даглядае і ахоўвае), другую шануе і ахоўвае, бо яна сама селіцца ў лесе і натуральнае дупло. 

Пчала жывая сакральная істота, якая крэпка ўвайшла ў жыццё беларусаў, палешукоў - песні, паданні, павер'і, загадкі, прыказкі, параўнанні, казкі і інш.

Нават сёння пчала святая для бортнікаў - бо яе забойства лічыцца роўным забойству чалавека. Да гэтага часу чалавек не прыручыў яе - а жыве разам з ёй. Таму бортнікі кажуць: "Не я збіраю мёд - а пчала". І нават калі пчала ўджаліла - то кажуць, што яна пацалавала.

АСЯРОДДЗЕ

Бортны знак

Лес, балоты, лугі - натуральныя ўмовы існавання пчалы: яе пражывання, гаспадарчай дзейнасці.

Без сапраўднага леса (стары лес з розным складам раслін, старымі дрэвамі, кветкамі і мёртвай драўніны) і старога дрэва - бортніцтва ня можа існаваць.

Бары і дубровы - жывыя месцы, дзе селіцца каралева (матка пчаліная) са сваім роем. Дуплістыя і старыя дрэвы найбольш адпавядаюць прыродзе жыцця пчалінага роя.

Бортнікі з павагай адносяцца да дрэва, дзе жывуць пчолы і выраблена борць ці вісіць калода. Называюць Стойла і прыносяць да яго хлеб, клапоцяцца за тэрыторыю вакол яго.

ГІСТОРЫЯ

Бортны знак

Першыя згадкі пра бортніцтва сягаюць Х стагоддзя, калі падарожнікі з розных частак свету наведвалі пушчы сучаснай тэрыторыі Беларусі і апісвалі як край, дзе бягуць мядовыя рэкі.

Ужо ў Х ст. нормы звычаёвага права былі прапісаны ў "Рускай праўдзе" (артукулы звязаныя з пчоламі, борцямі і знамёнамі) - "Аже пчелы выдереть, то 3 гривны продаже, а за медъ, аже будеть пчелы не лажены, то 10 кунъ; будеть ли олекъ, то 5 кунъ".

Ужо ў XVI ст. бортніцтва дасягае ўзроўню абасобленай галіны вялікакняскай гаспадарцы ў Вялікім Княстве Літоўскім і знаходзіцца ў перыядзе Залатога веку бортніцтва. Яно пазначаецца на мапах, гравюрах, часта сустракаецца ў афіцыйных дакументах. У ІІІ Статуце ВКЛ нават займела асобныя артыкулы (Хто бы мелъ споръ о бръти або о входы в пущу; Устава дереву бортному; Цена пчолам; О пущу, о ловы, о дерево бортное, о озера и сенажати), што па тагачасных мерках было вялікім дасягненнем.

Звычаёвае права

Бортны знак

Нормы і парадак у бортніцтве усталёўваецца звычаёвым правам - права, якое не напісана на паперы, а перадаецца ў сям'і і супольнасці (прафесійнай або мясцовай). І сёння звычаёвае права захавалася і дзейнічае сярод бортнікаў як закон, які перадаецца спадчынна.

Так, бортнікі прытрымліваюцца права на маёмасць (калоды, борці, дрэва і пчолы), выкарыстоўваюць калоды і пчол як сродак абмену і дарунку, спадчыны перадачы промысла ад бацькі да сына, ашчаднага карыстання багаццямі прыроды, наданню роўнасці пчала і чалавека. Раней выкарыстоўвалася адмысловая пазнака ўласнасці - бортнае знамя

На Палессі ў даўнія часы, калі лавілі пчаладзёра, то ў небаракі выцягвалі з пупа кішкі, прышчэпвалі іх да дрэва і ганялі вакол яго, пакуль ён не ўпадзе нежывы.

Часам калі лавілі пчаладзёра на дрэве, то прыбіралі лесвіцу (або астроў) і так яго пакідалі на вышыні 5-10 метраў. Такому злодзею заставалася самастойна злазіць, часам ён падаў і было добра, калі нічога сабе не зломіць і жывы вернецца дахаты.

Борць / Калода

Бортны знак

Борць - штучнае дупло ў жывым дрэве (паходзіць ад старажытнага слова, якое азначае пустую прастору ўнутры, то бок камору). Ад гэтага віда жытла промысел займеў сваю назву. Борць борцілі бортнікі на вышыні ад 4 да 15 метраў ў сасне або дубе. Служыла такая борць не аднаму пакаленню бортнікаў.

Калода - неразборны вулей, тое ж самае што і борць, толькі ў нежывым дрэве. Калода-вулей вырабляецца так сама як і борць, мае тыя ж параметры, але бортнік можа борціць непасрэдна ў лесе або ў сваім маёнтку. Памеры калоды адрозніваюцца ў залежнасці ад гаспадара.

Калода або борць маюць шапку, галаву, сярэдзіну, под (пяту), плечы і рэбры.

Бортныя Прылады

Бортны знак

Бортніка можна пазнаць па трох адпаведных прыладах: жэнь-лезіва (лязьво, лазіва, ліна, плець), пешня, лазьбень (лабзень, коробец).

Найбольш цікавай з'яўляецца жэнь-лезіва зробленая са скуры лася, быка, каровы, мядзьведзя, або з пянькі, лыка. Гэтая прылада мае рог, каблук, сядзёлку, лежаю (дадатковая частка), вузельчыкі, хвост. Выкарыстоўваюць яе для пад'ёма на дрэва, фіксацыі на вышыні і спуска, а таксама для пад'ёма лазьбеня, сякеры і іншых прылад пад час працы з пчоламі.

Пешня - далато на доўгай ручцы для выдзёўбвання каморы борці або калоды. Складаецца з жалезнай пешні і драўлянага пяхоўя.

Лазьбень - кораб з ліпавага лубу для складання мёду ў сотах.

КУЛЬТУРНЫ КАНТЭКСТ І БОРТНЫ КОД

Бортны знак

Традыцыйнае бортніцтва ахоплівае як канкрэтныя практыкі па вырабу калод-вулляў, борцей, прылад і прыстасаванняў, якія з’яўляюцца неад'емнай часткай бортнага промысла, так і шырокі пласт ведаў пра жывёльны і раслінны свет, навыкі і веды звязаныя дрэва-, метала- скураапрацоўкай, элементы нематэрыяльнай культуры – гэта ўсё з’яўляецца неад’емнай часткай традыцыйнага бортніцтва і выступае своеасаблівым культурным кодам супольнасці, сем'яў і рэгіёнаў.

У сённяшніх умовах бортніцтва захавалася як традыцыйны промысел з глыбокім культурным кантэкстам, які ўвабраў ўстойлівую практыку і падыходы (пошук прыдатнага месца, рэцэпты прываблівання роя, выраб калоды і падрыхтоўка борці, догляд і ахова пчол), механізм передачы (спадчынна, праз нефармальнае навучанне) і захавання промысла (добрасуседскіх адносін чалавека з прыродным наваколлем, жывёльным і раслінным светам), багатую нематэрыяльную спадчыну (прафесійны слоўнік, тапаніміка, звычаёвае права, абрады, забабоны, фальклор, народную кухню і медыцыну).

Бортныя знамёна

Бортны знак

Для пазнакі сваёй уласнасці бортнікі пазначалі адмысловымі знакамі свае прылады, калоды і бортныя дрэвы.

Бортная знамя (або знак, кляйно) - гэта спалучэнне геаметрычных фігур рознага віда: трохкутнікі, прамыя і касыя адрэзкі, касыя крыжы і іншае - спалучэнне дае больш складаныя фігуры.

 

Кожная частка бортнага знака мела сваю назву і ад таго магло чытацца - у гістарычнай літаратуры захаваліся прыклады назваў: заячыя вушы, саха, рубеж, вавёрка і іншыя.

 

Сёння борнае знамя або знак можна знайсці на старых дрэвах, на снётах некаторых гаспадароў, на асноўнай прыладзе бортніка - жэні-лезіве.

Сучаснасць

Бортны знак

На тэрыторыі беларускага і украінскага Палесся бортніцтва з невялікімі зменамі захаваліся і не перарываліся на працягу ня меньш за 500 год.

У населенных пунтах Беларусі (у асноўным палескага рэгіёна) бортніцтва практыкуюць больш за 300 сямей.

 

Сучасные бортнікі захоўваюць традыцыю сваіх дзядоў-прадзедаў і выкарстоўваюць традыцыйны прылады для вырабу калод і борцей, пад'ёму на дрэва, вытапліваюць воск і вырабляюць з яго свечкітрымаюцца парадаў і падыходаў, якія перадалі ім продкі.

Ініцыятыва / праект

Бортны знак

У кастрычніку 2017 года была заснавана прыватная ініцыятыва развіцця традыцыйнага промысла "Братэрства босых бортінкаў".

У тым жа годзе "Лясное бортніцтва Беларусі" было ўключана ў Дзяржаўны Спіс нематэрыяна-культурнай каштоўнасці Беларусі. А з 2018 года пра актыўным удзеле і ініцыятыве была распачата праца па наданню гэтаму промыслу сусветнага значэння. У 2020 годзе сумесная намінацыя Культура бортніцтва Беларусі-Польшчы ўключана ў Сусветны Спіс нематэрыяльнай спадчыны ЮНЭСКА.

 

МЭТА. Захванне, папулярызацыя, развіццё традыцыйнага бортніцтва і забеспячэнне пераемнасці нацыянальнай аўтэнтычнай бортнай традыцыі.

ФІЛАСОФІЯ І ПАДЫХОД. Вяртанне пчалы ў звычайныя для яе ўмовы існавання (лясныя і балотныя біятопы) праз аднаўленне лепшых бортных практык і традыцый дзеля ўстойлівага развіцця і біяразнастайнасці.