У самым канцы верасня, як пачынаецца час догляду пчол у традыцыйным бортніцтве, прадстаўлены першы ў Беларусі інфармацыйны альманах пра бортніцтва і бортнікаў у Беларусі. Гэты зборнік змяшчае ня толькі артыкулы, але і інфаграфіку - абагульненне інфармацыі пра бортніцтва за апошнія некалькі год. Альманах падрыхтаваны Іванам Восіпавым (старшынёй установы развіцця традыцыйнага бортніцтва “Братэрства Босых Бортнікаў”).
Пачытаць і паглядзець Альманах можна вось тутака.
Чаму менавіта зараз паўстаў гэты альманах?
Бо прыйшоў нарэшце час сказаць пра жывую традыцыю, якая захавалася ў Беларусі. Таму што зараз бортнікі пачынаюць сваю адказную і нялёгкую працу па догляду пчол і падрыхтоўкі іх да зімы. У гэтым жа рэчышчы і альманах пачынае сваю адказную працу па інфармаванню і пашырэнню ведаў пра промысел.
Адкуль ўзялася ідэя падрыхтаваць альманах?
Кожная ідэя канешня з’яўляецца выпадкова, але тым ня меньш узнікла яна на працягу перыяду падрыхтовак і ўдзелу ў экспедыцыях і дэталёвым вывучэнні традыцый ляснога промысла (бортніцтва) ў Беларусі ў 2014-2018 гадах. Праўду кажучы, альманах ужо існуе амаль год у тым жа самым выглядзе, як яго можна пабачыць зараз, але не было нагоды і часу. Зараз ён прыйшоў і асабліва рашучым стала патрэбнасць і адчуванне адказнасці за публікацыю матэрыялаў пасля ўключэння бортніцтва ў Спіс нематэрыяльнай-культурнай спадчыны Беларусі ў 2017 годзе (кастрычнік).
А што раней такіх матэрыялаў не было?
Праўда, раней былі і можа найбольш грунтоўныя. Напрыклад, у 80-х гадах мінулага стагоддзя была выдадзена кніга Гуркова і Цярохіна “Занятак спрадвеку высакародны”. Але час мяняецца і сёння ўзнікла неабходнасць падаць інфармацыю пра бортнітцтва сучаснаму чалавеку ў зразумелай форме. І канешне матэрыял пра бортіцтва з’яўляецца час ад часу ў выданнях, СМІ, аднак, гэта ўсё хутка забываецца.
З чаго складаецца альманах?
Альманах - гэта зборнік матэрыялаў, якія я (Іван Восіпаў) на працягу апошніх 5 год распрацоўваў, разам з інфаграфікай і вышукамі ў межах бортнай традыцыі. Калі казаць пра змест, то альманах дазваляе паглыбіцца ў свет бортніцтва, бортных традыцый, атрымаць веды па гісторыі і іншых аспектах існавання гэтага промысла ў Беларусі. Акрамя таго, у альманах увайшлі некалькі інфаграфік (першыя па тэме бортніцтва), таксама распрацаваны раздзед гісторыі (такая адасобленая гісторыя бортніцтва), а таксама упершыню прыведены “дэдукцыйныя” разважанні па старых фотаздымках і гравюрах (разгляд бортніцтва па старых матэрыялах).
Для каго гэты альманах?
Ён будзе цікавы як школьніку, які цікавіцца традыцыямі, промысламі, так і даросламу - бо дазваляе паглыбіцца ў зусім іншы свет, законы якога яшчэ існуюць і сёння. Тут можна знайсці цікавыя факты, пра якія яшчэ мала хто ведае, можна атрымаць новыя веды па малавядомаму промыслу.
Можа невялікі спойлер? Што самае цікавае можна знайсці ў альманаху?
Ну напрыклад, што агульнага паміж бортніцтвам і ІІІ Статам ВКЛ? Даведаецеся пра пчалу, але з пункту гледжання бортніка, што такое бор для бортніка. Дзе сёння можна сустрэць бортніутва і сляды бортніцтва. Ну і канешне даведаецеся пра адзіны Мядовы бунт у Еўропе. Амаль кожная старонка - гэта новыя невядомыя абшары.
Што далей?
Далей больш, бо сёння альманах уключае толькі частку таго вялікага матэрыялу, які трэба апрацаваць. Гэта і разгляд старых фільмаў пра бортніцтва і экспедыцыйныя нарысы, ізноў інфаграфікі, практыка, сучаснасць і будучыня промысла.
І некалькі словаў пра аўтара альманаха?
Пра сябе скажу так, што доўгі час вывучаю бортную традыцыю праз этнаграфічныя, гістрарычныя, фатаграфічныя крыніцы (больш за 10 год); практыкую і пераймаю традыцыю (больш за 5 год). Усё гэта стала падставай, каб бортніцтва ўспрымаць ня простым промыслам, а культурнай з’явай са сваім светаўспрыманнем. Сёння можна назіраць як глабальны свет змяняе каштоўнасці, ў тым ліку адносіны да прыроды. Няхай сёння традыцыі бортніцтва захаваліся і не перерарываліся на працягу больш за 500 год у Беларусі, аднак, існуюць пагрозы, з якімі сутыкаюцца бортнікі і бортніцтва як промысел. Усё гэта стала вынікам стварэння ўстановы развіцця традыцыйнага бортніцтва, галоўнай мэтай якой з’яўляецца захаванне традыцый, пашырэнне ведаў пра бортніцтва ў грамадстве, перайманне традыцый ад спадчынных борнтнікаў, стварэнне цэнтра бортных традыцый. Галоўная бачынне ўстановы на будучыню, гэта каб бортніцтва (традыцыі, нематэрыяльная спадчыны) не перавялося і не страціла свой стрыжань, ня стала гульнёй, або нейкай незразумелай для бальшыні гульні або тэатра. Альманах - гэта спроба данесці да грамадства каштоўнасці высакароднага занятка бортнікаў, яго шматграннасць і ўсю культурную з’яву.
Цісні і падтрымлівай праз PATREON
Слава Пчале і бортнай сасне, лезіву-жэні і вострай пяшне, дуплістаму бору, шырокаму дубу і Слепету ў дупле!
Культурная ініцыятыва
БРАТЭРСТВА БОСЫХ БОРТНІКАЎ
Ёсць што пісаць - пішыце
ask@bortnictva.by
ДАЛУЧАЙЦЕСЯ ДА ТРАДЫЦЫІ
© 2023 Культурная Ініцыятыва БРАТЭРСТВА БОСЫХ БОРТНІКАЎ. Фота - Мікус Альфрэд. Усе правы абаронены.