Бортныя хронікі

усё пра бортнікаў і бортніцтва тутэйшае

Здавецца вывучаеш доўга тэму і разабраўся ва ўсіх дробязях, але які складаны і дзіўны свет дзікай прыроды: дзікага лесу, дзікіх пчол, ды якое ж гэта складанае пляценне гістарычных, этнаграфічных, экалагічных сувязей – якія ўтвараць сладанае “павуцінне” дзікай прыроды.

 

 

Вось так некалькі год таму я ізноў прачытаў любімага свайго этнографа (не толькі таму, што ён амаль зямляк, але і таму што вельмі дэталёва апісваў культуру свайго часу) – гэта я пра Часлава Пяткевіча. Дый канешне не прайшоў я міма сваёй тэмы, бортніцтва. Вось ад гэтага ў маёй галаве кружыліся словы, што пазначаюць промысел не проста як занятак, а як цэлы комплекс сувязі гістарычнай храналогіі і сучаснага света.

Менавіта там я сустрэў панятак “вотчыч” і “вотчыны” – што дапасоўвалі да самаго бортніцва (замянялі тэрміны бортнік і бортніцтва).

І пасля экспедыцый і доўгіх размоў са спадчыннымі бортнікамі, стала нарэшце зразумелым, што бортніцтва гэта ня проста тут і цяпер, гэта там далёка (дзе дзяды-прадзеды навуку вывучалі), гэта тут блізка (сёння сам вывучаеш навуку бортніцтва) і гэта далёка потым (навуку бортніцтва развіваеш, захоўваеш, узбагачаеш і транслюеш у будучыню).

 

Вотчына – а) Уладанні, абшар, спадчына ад бацькі ці дзеда; бацькаўшчына, дзедаўшчына; б) прыдатнае для пчол месца. У той час як “вотчыч” – гэта і спадчыннік і пчаляр (у шырокім разуменні).

Для бортнікаў, яшчэ раз паўтаруся, вотчына звязвае ўсе тры часовыя прасторы: мінулае, сённяшняе і будучыню.

Сапраўды ў бортнікаў вотчына - гэта тая самая гаспадарка, з якою ён жыве і за якую рупіцца.

Як пазначана ў Ч. Пяткевіча - гэта і ёсць бортніцтва (як уласнасць, як спадчына і як дзейнасць). У той жа час у этымалагічным слоўніку -вотчына- гэта пчаліная гаспадарка, прыдатнае для пчол месца.

Вось як бортнікі захавалі глыбокі кантэкст свайго промысла ў адным слове: промысел базуецца на маёмасных адносінах, промысел перадаецца ад бацькі да сына ў спадчыну, як і прылады, вуллі і пчолы перадаюцца ў спадчыну, гэта месца, якое трымае бортніка на ім як зямля сваіх продкаў (бацькаўшчына).

 

Але вернемся з сівых стагоддзяў да сённяшняга часу, калі нам захавалася спадчына, якую захавалі слаўныя дынастыстыі спадчынных бортнікаў Лельчыцкага раёна і некаторых іншых у Беларусі. І зазернем у свет бортніцтва ў сучасным вымярэнні.

Я прадстаўляю невялікае даследванне, ці вынікі назірання ў такой форме, якую б прапанавалі нам паглядзець пчолы, што жывуць самі па сабе ў барах і дубровах.

Ніжэй я раскрыю таямніцы сваёй вотчыны, якія і да гэтага часу яшчэ не разгаданыя. А ў вас ёсць магчымасць самім паглядзець і пагуляцца ў “кібер-бортніка”:)

Дадатковая інфармацыя: ніжэй будуць прыведзены малюнкі, якія лёгка пачынаюць ажываць, калі націснуць на іх і пачаць з імі ўзаемадзейнічаць. Гэта спецыяльная сістэма ілюстрацыі Табло, якая дазваляе назіраць за дадзенымі ў гульнявым выглядзе.

 

З чаго пачаць? Няма правільнага адказу, але вось адразу вы можыце самі паглядзець з чаго складаецца гаспадарка бортніка, ці яго вотчына. Ніжэй пададзеныя дадзеныя – лічбы распавядаюць аб прыватнай гісторыі гаспадаркі маёй. У вас ёсць магчымасць паглядзець на вотчыну ў дробязях. Для гэтага трэба толькі выбраць “якасці” і “значэнні”.

 

Заўвага: ніжэй будуць пададзены інтэрактыўныя візуалізацыі той ці іншай "з'явы вотчыны".

Найбольш зручны варыянт прагляду на шырокіх экранах кампутараў, або з пераходам на поўны экран, або з пераходам на платформу Tableau.

Вось там і можна будзе "разгуляцца". Знаходзьце блокі з назвамі "якасці", "значэнні", "код вулля", "абярыце год" і іншыя падобныя ў выглядзе спісаў для абрання. Выбірайце патрэбныя значэнні і назірайце за зменамі і вывучайце вотчыну. 

Гэта інтэрактыўная сістэма і таму вынікі і назіранні залежаць ад вашага выбару таго ці іншага паказчыка.

 

 

Вотчына ў лічбах

 

Заўвага: Уверсе ў бравым баку можна выбраць розныя якасці і значэнні. Можна таксама націскаць на каляровыя лічбы і на элементы легенды дыяграмы  з левага боку. Назірайце за зменамі.

 

Вотчына перш за ўсё размешчана і ў дуброве і ў бары палескім. Пакуль перавагае дуброва па паказчыку колькасці. На гэты паказчык бортнік не можа паўплываць, няхай і выбірае месцы сам. Але выбар гэта працяг тых самых дзядоўскіх практык і падыходаў – таму часам можна абыйсці лес і нічога не знайсці ў першы год, а праз некалькі год “вылезе” тое самае стойла (стойлам бортнік называе дрэва і месца вакол яго, у якім могуць пасяліцца пчолы, або ўжо жывуць).

І як гэта звычайна для дзікай прыроды пчолы выбіраюць сабе месцы, сядаюць туды, жывуць або паміраюць. Таму вотчына складаецца з пунктаў “радасці” і пунктаў “гора”. Як можна пабачыць раі ў свій час пасяліліся і жывуць ажно ў 7 “хатках” (гістарычна вядома такая формула: на 7 вулляў (гэта і падрыхтаваныя і яшчэ ў працэсе падрыхтоўкі) толькі адін заселены пчоламі).

 

 

Якасці вотчыны

 

 

У вотчыну ўваходзяць ня толькі самі пчолы, але і паказчыкі якасці і асаблівасці самой гаспадаркі: вышыня размяшчэння вулля, аб’ём вулля, адлегласць ад вады, а таксама тыя самыя цікавыя, салодкія і смаяныя вынікі (хаця для бортніка ўсё ж такі на першым месцы сама пчала – Богава істота).

Так, што ў Дуброве, што ў Бары вуллі (калоды і борці) размешчана ў сярэднім на вышыні 5 м.

Сярэні аб’ём вулля большы ў дуброве амаль на 10 літраў (па сакрэты распавяду… некаторыя борці маюць прыроднае паходжанне і аб’ём дупла можа прадвышаць 100 лістраў, тое самае належыць і першай маёй калоды, якая была зроблена з камля ў 70-75 дыяметры, дзе ўжо даўно не было стрыжня сасны).

З-за таго, што дуброва пойменая, то і вада (старыкі, вазёры і балаціны) знаходзяцца блізка, зусім іншая карціна для палескага бора, які знаходзіцца на пяшчаных дзюнах і да вады можа быць значная адлегласць. Вось так і атрымалася розніца амаль ў 2 разы.

І вось самае салодкае: за не такі працяглы час назіранняў сярэдняя вага мёда ў палескім бары большая, чым у дуброве (цяжка сказаць чаму такая розніца, але самі пчолы ведаюць – а нам не распавядаюць). З другога боку, сушы ў дуброве больш, чым у бары.

 

Радарная мапа вотчыны

 

Заўвага: Уверсе ў бравым баку можна выбраць біятоп і год. Можна таксама націскаць асобна на код любога вулля і глядзець як змяняецца радарная мапа.

 

Вось такая кветка ўсёй вотчыны (ізноў жа цісніце на малюнак і пераходзьце для больш падрабязнага прагляду).

Вось так выглядае гаспадарка бортніка, у якой кожны элемент грае важнае значэнне: і фізічные паказчыкі вулля, працягласць жыцця пчол у сваёй хатцы, і тып вулля (калода, дупло, борць), і самае галоўнае ці ёсць пчолы ў гаспадарцы. Калі казаць па сакрэту, то найбольшая радасць бортніка, калі пчолы сядаюць у вулей, які сам бортнік зрабіў для пчалы, каб яна там 100 гадоў жыла.

 

Вотчыннае павуцінне

 

Заўвага: З левага боку павуцінне ўзаемаадлегласці аднаго вулля адносна іншых, з правага боку тое самае, але можна асобна паглядзець адлегласць ад аднаго вулля да іншых. Для больш зручнага карыстання, абірайце асобна вулей і глядзіце, што атрымалася.

 

Вось так выглядаюць сувязі паміж вуллямі ў вотчыне бортніка – а калі націснуць на малюнак, можна будзе паглядзець больш падрабязней узаемасувязі вулляў паміж сабой (левы бок – адлегласць кожнага вулля ў залежнасці ад абранага; правы бок – адлегласці асобна для кожнага вулля ў асобнасці). Павуцінне паказвае, як далёка ці блізка адзін вулей знаходзіцца ад іншага вулля (для прагляду трэба перайсці ў інтэрактыўную прастору, абярайце код вулля і глядзіце як мяняецца павуцінне).

 

Матрыца ўзаемаадлегласцей вуллёў

 

 

А вось і табліца ўсіх адлегласцей, пры гэтым больш тлустае (цёмнае) паказвае найбольш блізкую адлегласць вулляў паміж сабой, што для саміх пчол у дзікай прыродзе з’яўляецца адмоўным і хоць бортнік і размяшчае часам некалькі калод блізка адна ад другой, але трымаецца парады дзядоў: “… май калод дзьвесці, ды не ў адном месце…”

 

Квадранты адлегласцей

 

Заўвага: З правага боку панель кіравання, якая дазваляе ўзаемадзейнічаць з дадзенымі і выбраць свае значэнні: сярэдняй і найвялікшай адлегласці аднаго вулля ад іншага.

 

А вось тут можна самім паглядлзець на саму вотчыну, яе прастору. Калі раней бортнікам належалі бары (бор – гэта падатковая адзінка для бортнікаў, а таксама гэта частка лесу з 60 борцямі, пры гэтым форма такога лесу можа быць у выглядзе нейкага адносна невялікага авальнага лесу, так і доўгай паласы леса паўз раку ці паўд балота на 10-15 км).

 

Мапа Вотчыны

 

Заўвага: Самая насычаная мапа вотчыны, бо ўключае ўсе базавыя якасці вулляў. Абірайце з правага боку год, або Якасці і іх Значэнні. Памер пунктаў паказвае памер значэння, колер адлюстроўвае параметар Якасці, а памер пункта апісвае Значэнне. Колеры мяняюцца ў залежнасці ад абранай Якасці, як і легенда.

 

Вось мы і прыйшлі да самага цікавага, бо калі вы націсніце на малюнак, то ў імгненне перанясецеся ў свет вотчыны бортніка і паглядзіце з вышыні палёта бусла на промысел бортніка.

Кожны пункт паказвае вулей, а калі выбіраць якасці і значэнні, то можна паглядзець як мяняецца гаспадарка бортніка па месца размяшчэння, па аб’ёме вулляў, і па вышыні размешчаных вулляў, дзе пчолы селі і ў які год, а дзе памерлі.

 

Калі вы ўжо паглядзелі ўсё – то вам будзе добра зразумела, што гаспадарка бортніка (бортніцтва) мае складаную структуру як і дзікая прырода. А каштоўнасць гэтага промысла (бортніцтва) ўключае вялікую працу гаспадара.