Бортныя хронікі

усё пра бортнікаў і бортніцтва тутэйшае

«Ізноў восень на Палессі»: фільм пра жывую традыцыю ляснога бортніцтва Беларусі

 

Новы аўтарскі фільм «Ізноў восень на Палессі» распавядае пра палескага бортніка, яго сына і пчол, якія разам адкрываюць для сябе старажытны лясны промысел і тонкі свет узаемаадносін чалавека і прыроды. Стужка паказвае лясное бортніцтва як жывую традыцыю Беларусі, якая ў 2020 годзе была ўключана ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO. Гледачоў чакае павольнае, уважлівае падарожжа ў восеньскі лес Палесся - да калод-вулляў, старых прылад і жывой сувязі пакаленняў.

 

У аснове фільма «Ізноў восень на Палессі» - адна з самых ціхіх, але моцных гісторый сучаснай Беларусі: як бацька і сын разам ідуць у лес глядзець пчол і вучацца жыць з прыродай не праз эксплуатацыю, а праз павагу і адказнасць. Дзеянне адбываецца ў познюю восень на Палессі, калі сапраўдны мядзведзь шукае сабе бярлогу, а сучасны бортнік будзіць сына са словамі: «О, сынка прачнуўся, паедзем з табой глядзець пчол».

Анонс фільма Ізноў Восень на Палессі

Герой фільма - чалавек, для якога гэта ўжо адзінаццатая восень на Палессі. Упершыню ён трапіў у гэтыя лясы яшчэ ў 2014 годзе да свайго настаўніка-бортніка Васіля - і з таго часу, як сам кажа, «захварэў лясной хваробай». Гэта не медыцынскі дыягназ, а стан душы: калі цябе непераадольна цягне ў лес і да пчол, калі ўжо не можаш адмовіцца ад гэтага жыцця. Гледачы ўбачаць, як гэтая «хвароба» перадаецца ад старых бортнікаў да аўтара фільма, а ад яго - да сына.

 

Лясное бортніцтва ў стужцы паказана не як экзотыка для турыстаў і не як «цёмнае пчалярства», а як першапачатковая форма культурнага ўтрымання і догляду пчол у натуральных умовах - у борцях і калодах, высока на дрэвах, у жывых лясах і дзікай прыродзе. Фільм знаёміць з унікальнай бортніцкай лексікай і прыладамі:

  • лезіва, каб узняцца на стойла;
  • доўжня і снёт - дзверцы ў свет пчол;
  • лазбень - лубяны карабец для мёду;
  • дымар з парахном, стары нож, сякера-барту.

 

Асновай дзеяння становіцца восеньскі агляд калод, які самі бортнікі называюць сваім гадавым экзаменам. Аўтар з сынам падымаецца на лезіве да стойла, адкрывае доўжню і слухае, як гудуць пчолы: хто «наракае» на дрэнны год, хто маўчыць і трымае ў сабе поўныя соты мёду і воску. Паралелі з рыбалкай ці ціхае паляванне тут узнікаюць натуральна: для кагосьці «глядзець пчол» - тое самае, што лавіць рыбу або збіраць грыбы. Толькі замест кошыка - лазбень, а замест удачы - строгія законы лясной гаспадаркі.

 

Асобна ў фільме падкрэсліваецца этыка бортніка. Ён не мае права забраць увесь мёд: адна траціна, максімум палова - чалавеку, астатняе павінна застацца ў галаве калоды на зіму і вясну для пчол. Калі трэба - падрамантаваць дах, залатаць мышыную дзірку ці сляды куніцы, забяспечыць пчолам цёплы «лясны дом». У адным з фрагментаў аўтар жартліва называе сябе «сучасным мядзведзем» - чалавекам-мядзведзем, які займае месца драпежніка, але не разбурае гнязда і не забірае апошняе. Так старажытныя легенды пра пярэваратняў і неўраў пераасэнсоўваюцца праз сучасную тэму адказнасці чалавека перад прыродай.

 

Важная лінія стужкі - сувязь пакаленняў. Гледачы бачаць не класічную схему «майстар–вучань», а жывую гісторыю пра бацьку і сына, якія разам збіраюць парахно для дымара, шукаюць у хаце схаванае лезіва, смяюцца, калі забываюцца нож, і ўсур’ёз хвалююцца, калі разумеюць, што забылі хлеб. Хлеб і бабулін рушнік кладуць пад стойла - як гэта рабілі дзяды, каб ушанаваць і пчол, і лес, і тых, хто быў да нас.

 

У фільме паказваюцца:

  • сапраўдныя калоды-вуллі высока на дрэвах, а не дэкарацыі ў музеі пад адкрытым небам;
  • лезіва, лазбень, доўжня і іншыя прылады, якія амаль не змяніліся за сотні гадоў;
  • непасрэдны працэс «глядзення пчол» - без пастановачных сцэн і каментарыяў у стылі інструкцыі.

 

«Ізноў восень на Палессі» дае магчымасць убачыць традыцыйнае лясное бортніцтва Беларусі як жывую практыку, што працягвае развівацца і перадавацца ў сем’ях і супольнасцях. Уключэнне гэтай традыцыі ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO ў 2020 годзе ў фільме ўзгадваецца не як фармальны статус, а як пацвярджэнне яе глабальнай культурнай вартасці.

 

Прэм’ерны анлайн-прагляд фільма «Ізноў восень на Палессі» адбудзецца 11 снежня 2025 года. Стужка будзе даступная для вольнага прагляду на YouTube па спасылцы. Падпісвайцеся, цісніце на званочак, каб не згубіць; дасылайце сваім сябрам і знаёмым, каб і ім паглядзець.

 

Фільм Ізноў Восень на Палессі

 

Калі вам блізкая жывая традыцыя, цікава ўбачыць Палессе не праз турыстычныя буклеты, а праз погляд чалавека, які жыве з лесам і пчоламі, - запрашаем далучыцца да гэтага восеньскага падарожжа. Уключыце гук, дайце сабе час запаволіцца і проста пабыць побач з пчоламі і лесам.